ДАЙСЦІ ДА КОЖНАГА
17-04-2010 11:19
Да дня галасавання засталося менш за дзесяць дзён, аднак ажыўлення выбарчай агітацыі не назіраецца. Вертыкаль імкнецца зрабіць выбары незаўважнымі для электарату. У Мастах на 25 выбарчых акругаў было першапачаткова вызначана толькі 2 месцы для правядзення масавых мерапрыемстваў. Пасля адпаведнай скаргі кандыдата ў дэпутаты Мастоўскага райсавета Дзмітрыя Кухлея ў ЦВК, выканкам вымушаны быў перагледзець сваё рашэнне і вызначыць дадатковыя месцы для агітацыі. 14 красавіка, за 10 дзён да дня выбараў (!), гэтыя месцы былі апублікаваны ў мясцовай газеце – зараз іх стала 24. Аднак дазволеныя пляцоўкі для правядзення пікетаў і сустрэчаў змешчаны ў месцах, дзе людзей амаль не бывае. Аднак гэта не з’яўляецца перашкодай да каманды кандыдата ў дэпутаты Мастоўскага райсавета Д. Кухлея: “Падчас збору подпісаў і агітацыйнай кампаніі мы патрапілі амаль у кожную кватэру, паразмаўлялі з сотнямі выбарцаў, пачулі, што іх хвалюе”.
Праграма Дзмітрыя Кухлея, як і шэрагу іншых дэмакратычных кандыдатаў ад блоку “Новае пакаленне”, куды уваходзяць і маладыя кандыдаты ад БХД, асноўваецца на прапановах, якія выказвалі выбарцы яшчэ падчас збору подпісаў падчас вылучэння ў якасці кандыдатаў. Зараз выбарцы актыўна даюць свае “наказы” будучым дэпутатам: ўжо каля 500 подпісаў пастаўлена пад вырашэннем разнастайных праблемаў, якія будуць пастаўлены “на кантроль” пасля выбараў.


