Прарэктар БНТУ зацікавіўся мясцовымі выбарамі
08-04-2010 18:39
Прарэктар унівэрсытэта выклікаў на гутарку з нагоды мясцовых выбараў маладафронтаўца Уладзіміра Дзявятку, кандыдата ў дэпутаты ад кааліцыі Новае Пакаленьне па Багдановіцкай выбарчай акрузе горада Менску.Прарэктар БНТУ Гусеў Алег Канстанцінавіч, былы дэкан прыладабудаўнічага факультэта, дзе навучаецца Уладзімір, 7 красавіка выклікаў хлопца на размову. Прарэктар цікавіўся ўдзелам Уладзіміра Дзявяткі ў мясцовых выбарах у якасьці кандыдада ў дэпутаты.
“Склалася адчуваньне, што Алега Канстанцінавіча рыхтавалі гутарыць са мною; падавалася, пра маю кандыдатуру стала вядома толькі ўчора. Ён зазначыў, што ў мяне мала досьведу зносінаў зь людзьмі. Па яго словах, сваім удзелам у выбарах я іду насуперак факультэту, бо ад унівэрсытэта балятуецца іншы чалавек, а я, атрымліваецца, вылучаюся супраць яго.” – Камэнтуе размову Уладзімір.
Маладафронтаўцы ўпэўнены: наяўнасьць выбару й разнастайнасьці на дэмакратычных выбарах ніколі ня шкодзіць. Калі некалькі чалавек прадстаўляюць адзін унівэрсытэт – гэта яшчэ й гонар для гэтай ВНУ.


